Лир Эдвард - Кнiга Бязглузду (На Белорусском Языке)



Эдвард Лiр
Кнiга бязглузду
* * *
Дзеткам нашым з Эўропы й Амэрыкi
Пераклаў перакладчык лiмэрыкi:
Некаторыя зь iх
Давядуць вас усiх,
Спадзяюся, да поўнай iстэрыкi.
Прысьвячэньне:
Прапраўнукам, прапраўнучатым пляменьнiкам i пляменьнiцам Эдварда,
трынаццатага графа Дэрбi, прысьвячаецца гэтая кнiга з малюнкамi й вершыкамi
(што ў большасьцi былi накрэсьленыя дый складзеныя яшчэ для iхных бацькоў)
iхным аўтарам,
Эдвардам Лiрам.
1
Жыў на сьвеце адзiн стары дзед,
Што казаў: "У маёй барадзе
Кураня, цецярук,
Дзьве савы ды жаўрук
Гнёзды зьвiлi сабе - знайшлi дзе!"
2
Маладзенькая панi па Райдзе
Шпацыруе пры поўным парадзе:
Яна йдзе на катурнах
Сваiх мiнiятурных
Далмацынаў выгульваць па Райдзе.
3
Жыў на сьвеце стары дзед-насач,
Што казаў: "Даражэнькi, прабач,
Але нос мой кароткi,
А ўсё iншае - плёткi!"
Так казаў той стары дзед-насач.
4
На гары жыў няўрымсны стары,
Што б ня высядзеў хвiлiны тры,
I ў старыя гады
Бегаў туды-сюды
Ў строях бабцiных з даўняй пары.
5
Адна панiчка, чый капялюшык
Пацярпеў ад цiкавасьцi птушак,
Кажа: "Хай ты згары!
Усе птушкi згары
Могуць сесьцi на мой капялюшык".
6
Бабка панiчкi родам са Смiрны
Мела нораў ва ўсiм цiхамiрны:
Ўнучку зьесьцi хацела,
Але тая круцеля
Дала котку бабулi са Смiрны.
7
Жыў аднойчы стары дзед у Чылi;
Этыкету яго не вучылi:
Ён на сходнях сядзеў,
Грушы й яблыкi еў
Той агiдны стары дурань з Чылi.
8
Нейкi дзiўны стары дзесьцi быў,
Якi ў гонг несупынна лупiў.
Людзi скардзяцца: "Кiнь!
Ты хiба арлекiн?
Ты ўжо ўсiм перапонкi адбiў!"
9
Нейкiм разам спадарыня з Чэртсi
(Хочце - верце, а хочце - ня верце)
Правяла выкрунтас:
Праз двайны рэвэранс
Правалiлася ў яму, дзе чэрцi.
10
Быў дзядок, да каго пачала
Ў вецьцi дрэва чапляцца пчала.
"Што", - гавораць, - "гудзець?"
Ён: "Няможна сядзець!
Гэта зьвер нейкi, а не пчала!"
11
Быў стары, якi йграў на жалейцы:
Зьмейка ў бот яму здолела ўлезьцi,
То каб зьмейку прагнаць
Стаў ён песенькi йграць,
I прыйшлося паслухацца зьмейцы.
12
Жыла бабця, чыё падбародзьдзе
Як iголка было па прыродзе,
Нагастрыўшы каторае
Яна для аўдыторыi
Гарфу ладзiла iм пры нагодзе.
13
Жыў калiсьцi дзядок у Кiлкэнi,
Што нiколi ня меў болей пэннi,
Дык на гэтыя сродкi
Набываў мёд салодкi
I цыбулю той неслух з Кiлкэнi.
14
Дзед быў неяк, чыёю калыскаю
Была Iскiя; скокамi й вiскамi
Пад валынку й пад джыгу
Ды бутэлечку джыну
Ён славутай зрабiў сваю Iскiю.
15
Сеў у човен, што быў у хляву,
Стары дзед i крычыць: "Я плыву!"
А яму людзi: "Дзе ж,
Пень стары, ты плывеш!"
Той са скрухi згубiў галаву.
16
Маладзiца жыла ў Партугалii,
Што была ўсхваляваная хвалямi,
А на хвалi з прычала
Паглядзела й сказала,
Што ня зьедзе ў жыцьцi з Партугалii.
17
Нейкi дзед стогадовы з Малдовы
На стале спаць заўжды быў гатовы,
Як магчымасьць была,
Дык ён - шусь да стала,
Гэты дзед жартаўлiвы з Малдовы.
18
Старажытны дзядуля з Мадрасу
Меў асьлiцу, асьлiцаў акрасу;
Але доўгiх вушэй
Ён баяўся, як зьмей,
Што згубiла дзядулю да часу.
19
Найстарэйшая ў Лiдсу мiж кралямi
Валасы аздабляла каралямi,
А сядала на крэсла -
Джэм зьядала з агрэста
Ў адпаведнасьцi зь ейнай мараляю.
20
Жыў у Горсьце стары. На бяду
Пiў стары без патрэбы ваду.
Яму кажуць: "Ня лопнi!"
Ён сьмяецца: "А што мне?
Лад жыцьця я здаровы вяду!"
21
Быў адзiн малады хлопец з Крыту
Ў апрананьнi пазбаўлены спрыту:
Iншым людзям на сьмех
Ён залазiў у мех,
Што пярэстага быў калярыту.
22
Жыў на выспах старэнькi дзiвак,
Што ўсьмiхаўся ўвесь час прост



Содержание раздела